07/10/2026
Справаздача аб працы Дома У Бабулі за чэрвень
Чэрвень стаў асаблівым месяцам для Дома У Бабулі. Упершыню беларуская дыяспара ўзяла над ім шэфства. Для нас вельмі сімвалічна і важна, што першымі на гэтую ідэю адгукнуліся менавіта беларусы Вашынгтона і БАЗА ДзіСі.
Дзякуючы вашай падтрымцы нам удалося зрабіць шмат важных спраў.
Перш за ўсё быў цалкам аплачаны месячны арэндны плацёж за Дом. Гэта дазволіла яму працягнуць сваю працу і заставацца тым месцам, дзе беларускія добраахвотнікі могуць спыніцца, аднавіць сілы і адчуць, што ў іх ёсць свой дом.
За чэрвень праз Дом У Бабулі прайшлі 26 чалавек. Сярод іх — 14 валанцёраў, 5 новых і 7 дзейных беларускіх добраахвотнікаў, якія працягваюць абараняць Украіну.
Чэрвень аказаўся вельмі цяжкім для Кіева. Горад падвергся масіраваным ракетным ударам, сотні сем’яў страцілі свае дамы. Значныя разбурэнні закранулі і Дарніцкі раён — менавіта там зімой працаваў наш Беларускі Пункт Незламнасці.
У гэтыя дні Дом У Бабулі фактычна ператварыўся ў валантэрскі штаб. Ужо ў першы дзень пасля ўдару наша палатка зноў з’явілася на сваім месцы, дзе было раздадзена больш за чатыры тоны пітной вады. На наступны дзень пацярпелых частавалі халадніком і працягвалі забяспечваць вадой.
Кожную раніцу ў Доме варацца кілаграмы макарон, дзясяткі літраў баршчу і халадніку. Гэтую дапамогу атрымліваюць не толькі мясцовыя жыхары, якія страцілі жытло, але і ратавальнікі, эвакуацыйныя службы і валантэры, што кругласутачна разбіраюць завалы і дапамагаюць людзям.
Мы таксама зноў з’ездзілі ў Чарнігаў да нашых беларускіх бабуляк.
Яны жывуць практычна забытымі ўсімі: без пенсій, без падтрымкі, часта без людзей, да якіх можна звярнуцца па дапамогу. Кожны наш прыезд становіцца для іх сапраўднай падзеяй.
Мы прывезлі ім прадукты, але, мабыць, не менш важным было іншае — магчымасць сказаць ім, што пра іх памятаюць. Што беларусы, якія жывуць за тысячы кіламетраў, у Вашынгтоне, ведаюць пра іх лёс і хочуць іх падтрымаць.
Для іх гэта не проста прадукты. Гэта адчуванне, што яны не адны. Што яны патрэбныя. Што пра іх не забыліся. Менавіта гэта дае сілы жыць далей і спраўляцца з усімі выпрабаваннямі вайны.
Яшчэ адна важная справа, якую ўдалося зрабіць дзякуючы вашай падтрымцы, — мы набылі кветкі і ўсклалі іх да Мемарыяла Ангелы Перамогі.
Вельмі важна памятаць нашых загінулых герояў. На магілах вядомых беларускіх добраахвотнікаў амаль заўсёды ляжаць кветкі. Да іх прыходзяць людзі. Пра іх гавораць.
Але ёсць дзясяткі іншых беларусаў, чые імёны амаль нікому не вядомыя. На іх магілы часта ніхто не прыходзіць. Ніхто не прыносіць кветак. Ніхто не прыбірае.
Нам здаецца, было б вельмі правільна, каб беларускія суполкі па ўсім свеце хаця б раз на месяц знаходзілі магчымасць ускласці кветкі да магіл загінулых беларускіх герояў там, дзе яны пахаваныя.
Мы не можам дазволіць сабе забыць іх. Пакуль жыве памяць — жывуць і яны.
⸻
Чэрвень стаў першым месяцам нашай новай мадэлі супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай. І мы шчыра радыя, што менавіта беларусы Вашынгтона сталі яе часткай.
Мы перакананыя, што менавіта з такіх, на першы погляд невялікіх, спраў складаюцца сапраўдная салідарнасць і ўзаемная падтрымка. Разам мы можам быць побач там, дзе асабліва цяжка. Дапамагаць не словамі, а справамі. Паказваць, што беларусы заўсёды гатовыя падставіць плячо — сваім землякам і ўсім, хто мае патрэбу ў дапамозе.
Мы абавязкова працягнем працу ва Украіне.
І вельмі спадзяёмся, што беларускія суполкі з іншых гарадоў ЗША, Еўропы і ўсяго свету таксама захочуць узяць шэфства над Домам У Бабулі хаця б на адзін месяц. Разам мы зможам зрабіць яшчэ больш добрых і важных спраў — для беларусаў ва Украіне, для ўкраінцаў і для ўсіх, каму сёння патрэбная падтрымка.
Разам мы сапраўды можам ЎСЁ!
#беларусыВашынгтона #базаДзіСі
#сустрэча